Гісторыка-культурныя каштоўнасці Мастоўшчыны
Мясцовы танцавальны стыль «Котчынская кадрыля»
...Сляды вякоў, сляды сівыя
У дзень далёкі пераносяць.
Адны маўчаць, нібы нямыя,
Другія самі слова просяць.
Хоць ціха дрэмлюць над ракою…
Далёкі след замураваны.
Ды ледзь крані—няма спакою -
Пад ім вякоў жывыя раны...
Уладзімір Васько
29.04.2009 года “Котчынская кадрыля” сумесна з ДУК “ГАМЦНТ” запісана як узор нематэрыяльнай культуры і прапанавана для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2010 года №1351 мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля” уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як узор нематырыяльнай культуры з катэгорыяй каштоўнасці “А” (гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя).
Першы раз у 1960 годзе кадрылю танцавалі на хрысцінах у дачкі Ларысы Брыгадзір Яўгеніі Ігнацьеўны, дзе прысутнічала дырэктар Котчынскага Дома культуры Калбасенкава Марыя Вікенцьеўна. Гэты танец ёй вельмі спадабаўся, і яна стварыла пры клубе танцавальны калектыў. На розных мерапрыемствах, якія праходзілі ў клубе, калектыў прымаў удзел і вельмі падабаўся гледачам. У 1969 годзе першы раз калектыў прымаў удзел у аглядзе фальклора, дзе таксама меў поспех. Затым калектыў неаднаразова прымаў удзел у многіх як раённых, так і абласных мерапрыемствах, аглядах.
У 1971 годзе прыехаў запісаць “Котчынскую кадрылю” харэограф М.І.Хвораст разам з пісьменнікам І.Лісам, Янкай Брылем, Мікалаем Аўрамчыкам у кнігу “Беларускія танцы”. З цягам часу удзельнікі мяняліся, кадрыля стала перадавацца з пакалення ў пакаленне, і па сённяшні час, і цяпер таксама карыстаецца папулярнасцю ў гледачоў рознага ўзросту.
Першыя удзельнікі кадрылі:
1.Пачабыт Вольга Канстанцінаўна – 1934 г.н.
2.Януль Аляксандр Канстанцінавіч – 1930 г.н.
3.Жук Мікалай Іванавіч – 1925 г.н.
4.Філіповіч Зінаіда Іванаўна – 1935 г.н.
5.Пяцюшык Павел Паўлавіч – 1925 г.н.
6.Грышко Вольга Іванаўна – 1940 г.н.
7.Ярмаловіч Казімір Аляксандравіч – 1932 г.н.
8.Брыгадзір Яўгенія Ігнацьеўна – 1934 г.н.
9.Сончык Ніна Уладзіміраўна – 1932 г.н.
10.Мартынчык Міхаіл Іванавіч – 1930 г.н.
11.Рахунок Мікалай Іванавіч – 1932 г.н.
12.Рахунок Ганна Фёдараўна – 1932 г.н.
Апісанне танца:
У кадрылі 12 фігураў. У танцы ўдзельнічаюць шэсць параў (шэсць дзяўчат і шэсць юнакоў). Танец выконваецца з запалам, гулліва, тэмп памяркоўны.
У задніка сцэны на крэслах сядзяць уперамежку адвольнымі групамі дзяўчаты і юнакі. Баяніст сядзіць паміж танцуючымі пасярэдзіне.
Выконваецца музычны ўступ – 8 тактаў.
1-4 такты.
Танцуючыя весела ўстаюць і позіркам быццам бы выбіраюць сабе пары.
5-8 такты.
Юнакі ідуць простым крокам і выстройваюцца за першым юнаком у лінію ўздоўж правых кулісаў тварам да гледачоў. Рукі заложаны ззаду на талію.
Паўтараецца музычны ўступ – 8 тактаў.
1-4 такт.
Юнакі паварочваюцца папарна адзін да аднаго тварам і галантна кланяюцца. Пасля паклона паварочваюцца тварам да цэнтра сцэны.
5-8 такты.
Юнакі стаяць на месцы. Дзяўчаты, прыхарошваючыся – папраўляюць спадніцы, фарнтухі і хусткі, паступова ідуць за першай дзяўчынай і выстройваюцца ў лінію ўздоўж левых кулісаў тварам да юнакоў. На 8-мы такт танцуючыя, стоячы на месцы, лініямі вітаюць адзін аднаго лёгкім наклонам галавы.
1-я фігура – “падыход юнакоў і ход па кругу” – 16 тактаў
2-я фігура – “шён” – 16 тактаў
3-я фігура – ход дзяўчат па кругу – 24 такта
4-я фігура – ход парамі па кругу – 8 тактаў
5-я фігура – “да-за-да” па дзве пары – 16 тактаў
6-я фігура – “залёты” (56 тактаў)
7-я фігура – “завіванне” – 16 тактаў
8-я фігура – “мышка” – 8 тактаў
9-я фігура – “полька другой дзяўчыны і першага юнака” – 16 тактаў
10-я фігура – 16 тактаў
11-я фігура – “мосцік” – 16 тактаў
12-я фігура – “расплятанне мосціка"
Будзем спадзявацца, што агульнымі намаганнямі мы зможам зберагчы гісторыка-культурную спадчыну Мастоўшчыны для нашчадкаў, каб ў будучым яна не стала страчанай!